6 і 7 жніўня 2022 года ў вёсцы Белая Царква, што ў Чашніцкім раёне, на паўвостраве Чарэйскага возера, які адметны сваімі панарамамі і Траецкай царквой 16-17 стагоддзяў праходзіў чацвёрты фестываль SPRAVA. Як называюць яго арганізатары, "фестываль - узаемадзеянне з гістарычным і
прыродным ландшафтам Беларусі сродкамі сучаснага мастацтва і музыкі". Мэта гэтага мерапрыемства не проста пацешыць гасцей, але яшчэ і далучыць іх да беларускай гісторыі, прыроды і культуры. Яго арганізоўваюць з 2017 года напрыканцы ліпеня-пачатку жніўня. Фестываль традыцыйна доўжыцца некалькі дзён у фармаце open air. Гэта значыць, што ўсе квэсты і канцэрты праходзяць проста пад адкрытым небам.
З самага пачатку дзейнасці гэтага фестывалю народны фальклорны калектыў “Кругліца” з’яўляецца яго штогадовым удзельнікам. І ў гэтым годзе ўдзельнікі калектыву прадставілі на суд гледачоў тэматычны канцэрт “Жменька песень, гульняў і смеху ўсім на ўцеху”. |