08:58 ГУЛЯЙ, МАСЛЕНІЦА | |
Масленіца – старажытнае свята нашых продкаў, звязанае з культам прыроды. Для святкавання Масленіцы вызначаны восьмы тыдзень перад Вялікаднем. Ён быў напоўнены рознымі святочнымі абрадавымі дзеяннямі, частаваннем, гульнямі і забавамі. І Кругліцкі СДК не астаўся ў баку ад гэтых святочных традыцый. Так 13.03.2021 года народны фальклорны калектыў “Кругліца” прайшоў з абрадам “Трэба зімачку справадзіць, дружна Масленку нам зладзіць” па дварах вуліц Паркавая, Цвяточная, Сельская, Лугавая і Сонечная в.Кругліца. Гэта традыцыйны абрад, які праводзіць калектыў на працягу многіх год сваёй творчай дзейнасці. Жыхары вёскі з задавальненнем сустракалі ўдзельнікаў абраду, частавалі іх блінамі і з маслам, і са смятанай, і з мёдам. Свята народнага календара «А мы Масленку дажыдалі” прайшло ў СДК 14 сакавіка для пажылых. На свяце гледачы змаглі не толькі паўдзельнічаць у масленічных забавах, гульнях, але і павадзіць карагод вакол пудзіла зімы. У гэты ж дзень ўдзельнікі клуба па інтарэсах “Жывіца” прыйшлі на святочныя пасядзелкі ”Добры вечар таму, хто ў гэтым даму!”, прымеркаваныя да апошняга святочнага дня Масленіцы. Галоўная ежа на Масленіцу – масла, сыр, і канешне ж,пірагі і бліны. Бо нашы продкі лічылі, што блін – гэта сімвал сонца, і што ўжыванне такой сімвалічнай стравы паспрыяе набліжэнню вясны. Таму ўсе гэтыя пачастункі, якія падрыхтавала кіраўнік “Жывіцы” А.П.Нямчонак, былі на сталах для ўдзельніц пасядзелак. А яшчэ нядзеля на Масленічным тыдні – апошні дзень Масленкі, атрымала назву “Прабачальная нядзеля”. Па традыцыі нашых продкаў увечары трэба было папрасіць прабачэння ў сваіх родных і блізкіх, суседзяў і сяброў. Усе прысутныя на пасядзелках таксама папрасілі прабачэння адзін ў аднаго, паспявалі песні, пачаставаліся гарбатай з пірагамі і блінамі.
| |
|